“Polityka”: Галадаючага мужчыну прасьцей не заўважыць, чым жанчыну з анарэксіяй ці буліміяй. А такіх, здавалася б з жаночымі хваробамі, прыбывае.
Кожная дзесятая асоба з праблемамі харчаваньня - гэта мужчына. Мяркуецца, што ў Польшчы іх некалькі тысяч. Верагодна, што часьцей яны хварэюць буліміяй, чым анарэксіяй. Афіцыйных зьвестак мала, паколькі па дапамогу зьвяртаюцца нямногія й толькі тады, калі ўжо вельмі моцна церпяць. Мужчынскія праблемы з харчаваньнем часта спалучаныя зь іншымі псыхічнымі захворваньнямі – псыхозам, схізафрэніяй, аўтызмам. Па гэтай прычыне іх значна складаней заўважыць.
Часта анарэксія ці булімія закранаюць хлопцаў з растройствамі асобы, сэксуальнай тоеснасьці, а таксама гомасэксуалістаў. Хварэюць таксама мужчыны пасьля 40 году жыцьця, жанатыя, жыцьцёва споўненыя. Часамі так праяўляецца крызыс сярэдняга ўзросту.
Харчовыя растройствы тычацца мужчын, якія пачынаюць худзець, паколькі сапраўды важаць зашмат. У гэтым галоўнае адрозьненьне ад жаночай анарэксіі. Хворыя жанчыны на самым пачатку худыя. Другая катэгорыя мужчын – гэта тыя, ад каго праца вымагае добрага выгляду, стройнасьці.
Анарэктычныя ці булімістычныя мужчыны, як і жанчыны, гэты вельмі ўражлівыя, эмацыйныя асобы, прывязваюць шмат увагі да таго, што пра іх кажуць іншыя.
Псыхолягі адзначаюць, што некаторыя асобы маюць схільнасьці, каб уласнае цела выкарыстоўваць як сродак маніфэстацыі псыхічных праблем ці спроб іх вырашыць. А сканцэнтраваная на целе поп-культура гэтыя схільнасьці замацоўвае.
Амэрыканскія навукоўцы ўжо ў 2007 годзе заўважылі, што як на жаночую самаацэнку ўплывае вобраз худых мадэлей, так на мужчын уплываюць біцэпсы й прэс тэлезорак. Усё гэта спрыяе паталягічным дыетам, фізычным практыкаваньням, а таксама ўжываньню стэрыдаў мужчынамі.
ав